Духовой оркестр
Недоступен ни однин перевод.

Аркестр духавых інструментаў Маладзечанскага музычнага вучылішча быў створаны ў 1959 годзе па ініцыятыве былога дырэктара навучальнай установы Івана Сцяпанавіча Сушкевіча. Спачатку гэта быў малы састаў, які суправаджаў выхады прадстаўнікоў вучылішча на святочныя дэманстрацыі і выступаў падчас урачыстых мерапрыемстваў.У 1962 годзе дырыжорам аркестра стаў Юлій Паўлавіч Дзмітрэнка. Пад яго кіраўніцтвам вырасла выканальніцкае майстэрства калектыву; у рэпертуары з’явіліся масштабныя класічныя творы, для выканання якіх патрабавалася добрая прафесійная падрыхтоўка. Многія навучэнцы прайшлі праз школу Ю.П. Дзмітрэнкі. Больш за 25 гадоў ён з нязменным натхненнем кіраваў калектывам, з захапленнем шукаў новыя формы работы. Менавіта пад кіраўніцтвам Юлія Паўлавіча духавы аркестр некалькі разоў станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва, здзяйсняў гастрольныя паездкі па Беларусі.У якасці дырыжора з духавым аркестрам вучылішча працаваў і У.С. Мішула.Новы этап у жыцці калектыву пачынаецца з 1992 года, калі яго кіраўніком стаў Марцалін Іосіфавіч Дабравольскі – дасведчаны, высокапрафесійны музыкант, таленавіты, строгі і прынцыповы выкладчык. Асаблівую ўвагу ён звяртае на выбар музычных твораў, якія павінны быць цікавымі і карыснымі для навучэнцаў-аркестрантаў і пачынаючых дырыжораў. Менавіта таму цяперашні рэпертуар духавога аркестра вучылішча вельмі разнастайны. Гэта традыцыйныя п’есы, маршы, пераклады ваенных песень і песень мінулых гадоў, а таксама сачыненні ў сучасным стылі, папулярная музыка, якая лёгка ўспрымаецца, але зусім не простая для выканання.Цікавы рэпертуар, мабільнасць і высокі выканальніцкі ўзровень – усё гэта садзейнічае папулярнасці духавога аркестра, які запрашаюць на разнастайныя фестывалі і канцэрты. Выступленні для ветэранаў і гараджан на свята Перамогі ў парку адпачынку, адкрыццё вясенняга сезона на адкрытых пляцоўках каля вучылішча і гарадскога Палаца культуры – добрыя традыцыі ў канцэртным жыцці калектыву.У 1995 годзе аркестру было прысвоена званне народнага. Маладзечанскія музыканты станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх конкурсаў аркестравых калектываў. Ім даводзілася неаднаразова ўдзельнічаць у міжнародных фестывалях, здзяйсняць гастрольныя паездкі па розных гарадах Чэхіі, Германіі. Сёння калектыў разам са сваім кіраўніком упэўнена крочыць па шляху прафесійнага ўдасканалення. Гэта – залог будучых поспехаў і пашырэння кола аматараў духавой аркестравай музыкі.

Обновлено ( 20.10.2010 17:26 )


· Духовой оркестр

