Сімфанічны аркестр

Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча быў створаны ў 1968 годзе на базе аркестравага аддзялення, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі і навучэнцы па спецыяльнасцях «Струнныя смычковыя» і «Духавыя і ўдарныя інструменты».
На працягу першых дзесяці гадоў з аркестрам працавалі Л.Саламонік, М. Казінец, Ю. Новікаў, З. Шаціла, В. Грыбкоў, Р. Фрыдман. З 1979 года нязменным мастацкім кіраўніком і дырыжорам калектыву з’яўляецца заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сямёнавіч Сарока. Дзякуючы менавіта яму сімфанічны аркестр дасягнуў высокага выканальніцкага ўзроўню; атрымаў ганаровае званне народнага, а пасля – заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь; неаднаразова станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва. У 2001 годзе атрымаў Гран-пры рэгіянальнага фестывалю «Напеў зямлі маёй». Калектыў мае аўдыёзапісы, кампакт-дыскі, запісы на беларускім радыё. «Сімфанічны аркестр горада Маладзечна, – заўважае Р.С. Сарока, – творчы калектыў, у якім я дырыжор, настаўнік і адначасова вучань. З маімі калегамі і студэнтамі больш за 35 гадоў робіцца тая справа, дзеля якой мы прыйшлі ў гэта жыццё».
Магістральным напрамкам у дзейнасці сімфанічнага аркестра Р.С. Сарока лічыць музычнае асветніцтва. Канцэртамі свайго калектыву ён далучае слухачоў да найбольш выдатных узораў музычнага мастацтва мінулага і сучаснасці. Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча дэманстраваў сваё майстэрства ў розных гарадах рэспублікі. З 1993 года ён рэгулярна трымае творчыя справаздачы на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Беларусі – у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Удзельнікам калектыву даводзілася выступаць на сцэнах Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аркестр часта запрашаюць для ўдзелу ў разнастайных еўрапейскіх музычных фестывалях, а таксама ў гастрольныя паездкі ў блізкае і далёкае замежжа. Выступленні маладзечанскіх музыкантаў мелі вялікі поспех у аматараў мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Германіі, Францыі, Галандыі.
Сімфанічнаму аркестру пашчасціла супрацоўнічаць з выдатнымі беларускімі музыкантамі: дырыжорамі Аляксандрам Сасноўскім і Міхаілам Казінцом; з піяністам Ігарам Алоўнікавым і віяланчэлістам Уладзімірам Алоўнікавым, скрыпачом Яўгенам Асновічам; з кампазітарамі Яўгенам Глебавым і Валерыем Івановым; з салістамі беларускай оперы Віктарам Скорабагатавым, Валерыем Кучынскім, Наталляй Залатаровай, Міхаілам Жылюком; з салістамі музычнага тэатра Беларусі Наталляй Гайдай, Людмілай Станевіч (выпускніцай Маладзечанскага музычнага вучылішча), Уладзімірам Пятровым, Пятром Рыдзігерам, Арнольдам Ранцанцам, Лідзіяй Кузьміцкай. Калектыў падтрымлівае творчыя сувязі з выдатным піяністам, заслужаным артыстам Расіі, салістам Маскоўскай кансерваторыі Пятром Дзмітрыевым.
Рэпертуар аркестра складаецца з шэдэўраў сусветнай музычнай класікі: сімфанічных твораў І.С. Баха, Й. Гайдна, В.А. Моцарта, Л. Бетховена, К.М. Вебера, Ф. Шуберта, Э. Грыга, Ж. Бізэ, Д. Вердзі, Д. Расіні, І. Брамса, А. Дворжака, Я. Сібеліуса, К. Сен-Санса, С. Франка, К. Дэбюсі, М. Равеля, І. Штрауса, І. Альбеніса, Д. Гершвіна; М. Глінкі, П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, А. Лядава, Д. Шастаковіча, С. Пракоф’ева, Г. Свірыдава і інш. З задавальненнем выконваюць музыканты творы і айчынных кампазітараў мінулага (М.К. Агінскага, Н. Орды), і сучасных (Я. Цікоцкага, У. Алоўнікава, А. Багатырова, Я. Глебава, Р. Пукста, Д. Смольскага, В. Іванова, В. Кузняцова, Н. Усцінавай, А. Атрашкевіч). Вялікай папулярнасцю ў слухачоў карыстаюцца ўрыўкі з класічных опер, аперэт, мюзіклаў замежных і беларускіх кампазітараў.
У засваенні такога аб’ёмнага, разнастайнага і складанага рэпертуару кіраўніку аркестра дапамагаюць выкладчыкі вучылішча – вопытныя канцэртмайстры розных аркестравых груп.

У 2005 годзе сімфанічны аркестр, адзіны з усіх калектываў вучылішча, атрымаў ганаровую ўзнагароду – званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». У 2007 годзе аркестр атрымаў Гранд-прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Апошнім часам значныя творчыя дасягненні аркестра звязаны з праектамі Маладзечанскага музычнага маладзёжнага тэатра, які быў заснаваны на базе вучылішча. Малады калектыў ажыццявіў пастаноўкі такіх сусветна вядомых опер, як «Іаланта» П. Чайкоўскага і «Травіята» Д. Вердзі.
Дзейнасць сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Р.С. Сарокі знайшла адлюстраванне ў шматлікіх артыкулах, якія надрукаваны ў рэспубліканскай і замежнай прэсе. Вядомыя дзеячы, прафесіяналы і аматары музычнага мастацтва адзначаюць высокае майстэрства і творчы патэнцыял калектыву.
«У дырыжора цудоўнае адчуванне аркестравай палітры, кожнага акорда, асобнага гуку аркестра. Асабліва я ўдзячны Рыгору Сароку і аркестру за «Фландрыю», выкананне якой было бездакорным і поўнасцю адпавядала маёй задуме». (Я. Глебаў, кампазітар, народны артыст СССР // «Маладзечанская газета», 26 лютага 1994 г.)
«З кожным адказным выступленнем узровень майстэрства калектыву расце, ён перастае быць толькі вучнёўскім. Такая колькасць новых твораў у яго рэпертуары сведчыць аб мабільнасці і прафесіяналізме музыкантаў». (А. Сасноўскі, галоўны дырыжор Дзяржаўнага музычнага тэатра РБ // «Маладзечанская газета», 26 красавіка 1996 г.)
«Дырыжор Рыгор Сарока […] на дзіва гарманічны з аркестрам. Сарока не дамінуе, але ў той жа час нястомна, няспынна вядзе музыкантаў ад вобраза да вобраза, не даючы сабе ні хвіліны адпачынку […]. Аркестр пакінуў вельмі імпазантнае, іншымі словамі, унушальнае ўражанне. Так, сімфанічны аркестр з Маладзечна можа вельмі многае!» (Пауль Ферхейст // «De Gelderlander», пераклад з галандскай мовы.)
Творчая гісторыя сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча працягваецца. Наперадзе – ажыццяўленне новых праектаў і, безумоўна, новыя поспехі.Абноўленае ( 09 03 2011 )


· Сiмфанiчны аркестр

