Аркестр рускіх народных інструментаў

Аркестр рускіх народных інструментаў Маладзечанскага музычнага вучылішча мае ў якасці сваіх продкаў самыя першыя музычныя калектывы, якія былі арганізаваны ў першыя гады работы навучальнай установы. Гэта – баянны і домравы аркестры. Пазней быў створаны аркестр рускіх народных інструментаў на ўзор знакамітага велікарускага аркестра В.В. Андрэева. Сярод дырыжораў, якія працавалі з калектывам, нагадаем У.П. Сычова, А.П. Хакіна, К.К. Пагоцкага.

Аднак сапраўдная, якасная, прафесійная работа з аркестрам пачалася з прыходам у Маладзечанскае музычнае вучылішча выпускніцы Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі і асістэнтуры-стажыроўкі пры ёй (клас М.А. Казінца) Тамары Уладзіміраўны Бяльковай (1979).
Т.У. Бялькова з захапленнем пачала весці навучэнцаў-аркестрантаў да вышынь выканальніцтва. Яна – таленавіты і ўдумлівы дырыжор, цудоўны арганізатар. Музычная інтуіцыя, багаты вопыт, прынцыповасць і выканальніцкая воля Тамары Уладзіміраўны ацэнены па заслугах не толькі навучэнцамі і калегамі. Яе праца адзначана разнастайнымі ўзнагародамі. Адна з іх – спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За ўклад у выхаванне творчай моладзі» (2003).
Т.У. Бялькова здолела падрыхтаваць аркестр да канцэртнай дзейнасці і паспяховага ўдзелу ў конкурсах і фестывалях. Маладзечанскі аркестр рускіх народных інструментаў чатыры разы станавіўся лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва, а ў 2001 годзе калектыву быў прысуджаны Гран-пры гэтага конкурсу. Вышэйшую ўзнагароду аркестр атрымаў і на Рэспубліканскім фестывалі «Студэнцкая вясна» (г. Віцебск, 1998). У 1995 годзе аркестру прысвоена званне народнага. За рэалізацыю вялікага творчага патэнцыялу калектыў двойчы атрымліваў Гранд-прэмію Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Кіраўніцтва кафедры народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі неаднаразова запрашала маладзечанскі аркестр для ўдзелу ў канцэртах і фестывалях, якія праводзіліся ў залах акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Шэраг твораў у выкананні калектыву запісаны ў фонд беларускага радыё, і сёння яны гучаць у эфіры. Маладыя музыканты стварылі два кампакт-дыскі з запісамі ўласных канцэртных праграм.
Выступленні аркестра атрымалі шырокі рэзананс у рэспубліканскай прэсе. Журналісты адзначалі высокае прафесійнае майстэрства дырыжора, багатую гукавую палітру і тэхнічную дасканаласць калектыву. «На сённяшні дзень гэта, бадай, адзін з лепшых у рэспубліцы калектываў такога тыпу. Яго гучанню, майстэрству могуць пазайздросціць некаторыя прафесійныя калектывы. Кожны гук, кожнае трэмала струнных даведзена да філіграннай дакладнасці і збалансіраванасці… Аркестравае піянісіма і чысціня трэмала струнных даведзена да такой ступені, што быў чутны нават подых зачараванай залы!» (Л. Таірава. «Мастацтва», 4, 1996)
Аркестр рускіх народных інструментаў вучылішча добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Францыі, дзе ён прымаў удзел у міжнародных музычных фестывалях; праводзіў гастрольныя выступленні. Калектыў падтрымлівае творчыя сувязі з рускім хорам горада Эслінгена (Германія) і нямецкім хорам горада Лейткірха.
Музыканты супрацоўнічалі з салістам Пражскага нацыянальнага опернага тэатра Валянцінам Пралатам, з салістам беларускай оперы Рыгорам Палішчуком, з салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі Людмілай Лазарчык-Сахацкай, з выкладчыцай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марынай Ільіной.
Т.У. Бялькова пастаянна працуе над пашырэннем рэпертуару, падтрымлівае творчыя сувязі з акадэмічным аркестрам рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам М.М. Някрасава (г. Масква) і самастойна стварае інструментоўкі і пераклады (іх зроблена звыш 70).

Ужо дваццаць гадоў запар аркестр рускіх народных інструментаў Маладзечанскага музычнага вучылішча дэманструе нязменна высокі ўзровень выканання, выклікаючы здзіўленне і павагу калег-музыкантаў і аматараў музыкі.
Абноўленае ( 28 07 2009 )


· Аркестр рускiх народных iнструментаў

