Аркестр беларускіх народных інструментаў

Новы этап у творчым станаўленні калектыву звязаны з дзейнасцю Аляксандра Васільевіча Кавалёва – выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і асістэнтуры-стажыроўкі (1997). Ён здолеў зрабіць заняткі ў аркестравым класе цікавымі і карыснымі для навучэнцаў. Творчыя вечарыны кампазітараў Вячаслава Кузняцова і Генадзя Ермачэнкава, канцэртныя праграмы ўрачыстага адкрыцця ІІ і ІІІ Рэспубліканскіх фестываляў «Сярэбраны звон цымбалаў», выступленні ў межах Рэспубліканскага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2003», шматлікія канцэрты для розных слухацкіх аўдыторый – сведчанне актыўнай творчай і выніковай працы калектыву.
У 2001 годзе маладзечанскі цымбальны аркестр стаў лаўрэатам ІІ прэміі Рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва. Музыканты ажыццявілі паездку на Міжнародны музычны фестываль у г. Белфорт (Францыя). Спецыяльна для гэтага фестывалю калектыў запісаў уласны кампакт-дыск.
У 2004 годзе мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра беларускіх народных інструментаў стаў выпускнік Маладзечанскага музычнага вучылішча і Беларускай акадэміі музыкі цымбаліст, лаўрэат міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах у г. Чарапавец Сяргей Валер’евіч Сальнік. Ён у сціслы тэрмін падрыхтаваў калектыў да выступлення на адкрыцці ІV Рэспубліканскага фестывалю «Сярэбраны звон цымбалаў», а таксама – да ўдзелу ў чарговым рэспубліканскім конкурсе аркестравых і харавых калектываў, на якім аркестр стаў лаўрэатам ІІІ прэміі (2005). Маладзечанскія музыканты выступілі ў творчым вечары кампазітара Генадзя Ермачэнкава, дзе выканалі цікавае арыгінальнае сачыненне гэтага аўтара для цымбальнага аркестра і скрыпкі (салістка – навучэнка вучылішча, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Вераніка Сальнік).
Такім чынам, аркестр беларускіх народных інструментаў Маладзечанскага музычнага вучылішча з’яўляецца цікавым творчым калектывам, вельмі актыўным і перспектыўным.Абноўленае ( 28 07 2009 )


· Аркестр беларускiх народных iнструментаў

