Симфонический оркестр (сайт)

В У Ч Ы Л I Ш Ч А
ВЫПАДКОВАЕ ФОТА
poland 34
Image Detail
festival 11
Image Detail
П О Ш У К
Russian (CIS)Belarusian(BY)
Творчыя калектывы · Змешаны хор

 


 

 

За гады існавання Маладзечанскага музычнага вучылішча дзейнічалі харавыя калектывы розных складаў, рэгулярна праводзілася іх рэарганізацыя, якая залежыла ад колькасці навучэнцаў. Аднак харавая музыка заўсёды займала важнае месца ў жыцці вучылішча. З харавымі калектывамі працавалі розныя выкладчыкі аддзялення, якія (асабліва напачатку) разам з навучэнцамі засвойвалі прынцыпы харавога мастацтва, развівалі ансамблевыя якасці выканання, шукалі патрэбныя фарбы галасоў, назапашвалі рэпертуар.

У 1965 годзе, пасля чарговай рэарганізацыі, быў заснаваны вялікі харавы калектыў. Яго кіраўніком стаў выдатны спецыяліст Анатоль Феліксавіч Шунтаў, які працаваў з калектывам 16 гадоў. За гэты час хор чатыры разы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва.

«Папулярнасць хору музвучылішча пад кіраўніцтвам А.Шунтава ў 1977 годзе амаль не загубіла музвучылішча ў яго класічным стане. У сталічных мэтраў харавога мастацтва зарадзілася ідэя перапрафіліраваць яго ў харавое вучылішча. Дырыжор і педагог Беларускай кансерваторыі В. Роўда і міністр культуры БССР Ю. Міхневіч праводзілі нават спецыяльную нараду ў горадзе. Але гэтую ідэю не падтрымалі ні калектыў вучылішча, ні кіраўнікі горада». (М. Філістовіч, кандыдат гістарычных навук. «Рэгіянальная газета», 29 лістапада 2002 года.)

Многія гады з хорам працавала Тамара Нічыпараўна Прончанка.

Дзейнасць Анатоля Аляксеевіча Шута ў якасці дырыжора харавога калектыву дазволіла навучэнцам выступаць з канцэртамі перад рознымі слухачамі. Хор Маладзечанскага музычнага вучылішча ў якасці ганаровых гасцей удзельнічаў у аглядах-конкурсах і фестывалях дзіцячых хароў, гастраліраваў па гарадах Германіі.

Новая методыка работы з хорам (у прыватнасці – эксперыментальныя прыёмы ў вакальнай культуры гуказдабыцця) адрознівала дырыжора Андрэя Валянцінавіча Спічака. Ён імкнуўся дасягнуць свабоды гучання голасу; шмат увагі надаваў артыстычным даным.

У цяперашні час жаночым хорам дырыжорска-харавога аддзялення кіруе старшыня цыклавой камісіі Вера Мікалаеўна Каханоўская. Яе работа накіравана на якаснае, класічна-яснае інтанаванне. Яна выхоўвае ў навучэнак культуру харавых спеваў, уменне адпавядаць характару музычных твораў. Рэпертуар жаночага хору вельмі разнастайны. Гэта старажытныя духоўныя творы розных канфесій, руская і заходнееўрапейская харавая класіка, сачыненні сучасных беларускіх кампазітараў, аўтараў з былога СССР і далёкага замежжа. Вельмі цікава, мілагучна, натхнёна выконвае жаночы хор пад кіраўніцтвам В.М. Каханоўскай шчырыя лірычныя творы «адзінага дыхання», а вось жартоўныя мініяцюры становяцца сапраўднымі «жамчужынамі» – звонка-залівістымі, шчодра-серабрыстымі музычнымі замалёўкамі.

Актыўная канцэртная дзейнасць жаночага хору пад кіраўніцтвам В.М. Каханоўскай становіцца добрай прапагандай якасных харавых спеваў, папулярызацыяй нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва як у Беларусі, так і па-за яе межамі (нагадаем гастрольную паездку калектыву ў Германію).

У 2005 годзе па ініцыятыве дырэктара музычнага вучылішча Р.С. Сарокі быў створаны змешаны хор пад кіраўніцтвам В.М. Каханоўскай, у склад якога ўвайшлі навучэнцы дырыжорска-харавога і вакальнага аддзяленняў. Новы калектыў яскрава прадэманстраваў сябе ў маштабным сумесным праекце – выкананні буйнога вакальна-сімфанічнага твора К. Орфа «Карміна Бурана» з сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага вучылішча і са змешаным хорам г. Эслінгена. Сёння калектывам назапашаны цікавы канцэртны рэпертуар, які змяшчае як класічныя і літургічныя творы, так і творы сучасных кампазітараў розных краін.

Змешаны хор стаў адным з калектываў, які прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Маладзечанскага музычнага маладзёжнага тэатра.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Абноўленае ( 28 07 2009 )

А Ф И Ш А

No current events.

ПРАВАВАЯ БАЗА